Belarusian English French German Italian Lithuanian Polish Russian Spanish Ukrainian

Гiмн брату Сонцу

Найвышэйшы, усемагутны, добры Пане,

Твая ёсць слава, пашана, хвала i ўсялякае благаславенства. Табе адзiнаму, Найвышэйшы, яны належаць i нiхто з людзей не варты вымавiць iменi Твайго.

Пахвалёны будзь, Пане мой, з усiмi стварэннямi Тваiмi. Перш за ўсё з братам нашым сонцам, якi ёсць дзень i якiм нас асвятляеш. I прыгожае яно i свецiць ярка, Тваiм Найвышэйшы, ёсць уяўленнем.

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз месяц нашага брата i зоркi; яскравымi Ты стварыў iх на небе, i каштоўныя яны i прыгожыя.

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз вецер нам брата i паветра, i хмуры, i праз яснае надвор'е, i кожны час праз якi даеш утрыманне свайму стварэнню.

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз ваду сястру нам, карысную, пакорную, каштоўную i чыстую.

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз агонь нашага брата, Ты iм ноч асвятляеш, а ён прыгожы i радасны, i дужы, i моцны.

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз сястру нашу, Мацi-зямлiцу, якая нас падтрымлiвае i накiроўвае, i родзiць плёны розныя з прыгожымi кветкамi i травамi.

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз тых, хто прабачае ў iмя Тваё i пакiнуўшы ўсё, зносiць слабасцi i пагарду.

Благаславёныя тыя, хто прымае гэта ў спакоi, бо Табою, Найвышэйшы, увенчаныя будуць.

Пахвалёны будзь, Пане мой, праз сястру нашу смерць цялесную, яе нiхто з жывых людзей пазбегнуць не здолее.

Гора тым, хто ў граху смяротным памiрае.

Благаславёныя ж тыя, каго яна спаткае, выконваючымi найсвяцейшую волю Тваю, i смерць другая не зробiць iм крыўды.

Усхваляйце i благаслаўляйце Пана майго, падзяку Яму складайце i з вялiкаю пакораю служыце Яму.

(св. Францiшак: Гiмн брату сонцу)

AddThis Social Bookmark Button