Св. Юзаф з Купэртыну
Св. Юзаф з Купертыну - адна з незвычайных постацяў у ордэне францішканаў. Меў праблемы з заканчэннем пачатковай школы, а пазней і ўніверсітэта. Хоць не быў "арлом" у навуцы, аднак меў здольнасці арлоў - лётаў. Ліыцца апекуном пасажыраў самалётаў, касманаўтаў, вайскоўцаў паветраных сіл, пілотаў, а таксама студэнтаў. У літургіі касцёла ўспамінаецца 19 верасня. Юзэ Марыя Дэза нарадзіўся 17 чэрвеня 1603 г. у Купертыне (Copertina). Ягоны бацька быў сталяром і працаваў у замку Пінэллі. З ранняга дзяцінства Юзаф вельмі незвычайна маліўся - не кожны дарослы ўмеў так гаварыць з Богам, як гэты маленькі хлопчык. Калі яму споўнілася 7 гадоў, Юзаф раптам цяжка захварэў, але дзякуючы шчырай малітве да Маці Божай выздаравеў. Вельмі часта хлопчык быў у стане захаплення. Часам гэта адбывалася ў зусім нечаканых месцах: на падворку падчас гульняў , на ўроках у школе. Праз гэту незвычайную форму малітвы, Юзафа не разумелі равеснікі ў школе і нават ягоныя бацькі. Хлопчык часта бадзяўся па наваколлю з адкрытым ротам. Маці лічыла Юзафа наказаннем і абузай, абыходзілася з ім вельмі жорстка. Ужо ў першых класах пачатковай школы ён часта перажываў станы незвычайнага захаплення, у сувязі з чым яго празвалі Разявай. Юзаф не любіў вучыцца, ён з цяжкасцямі скончыў пачатковую школу. Ніхто не навучыў яго добрым манерам. Юзафа не любілі, у яго не было сяброў. Юнак вырашыў стаць шаўцом, каб зарабляць на жыццё рамантуючы людзям абутак, але добрага шаўца з яго не атрымалася, неўзабаве ён павінен быў кінуць навуку, бо вельмі часта быў няўважлівым.
Калі Юзаф скончыў 17 гадоў ён захацеў пайсці у кляштар да францішканаў, але яго не прынялі. Не страціўшы ахвоту, Юзаф пастукаў у фурту наступнага кляштара (айцоў капуцынаў). Тыя прянялі юнака з распасцёртымі рукамі, але пасля 8 месяцаў выслалі Юзафа да хаты: юнак не быў здольны выконваць ніводнай працу ў кляштары. Ён паразбіваў амаль увесь посуд у кляштары і ўвесь час забываў што ён павінен рабіць. Маці зусім не радавалася, што яе сын вярнуўся, таму ў 1625г. Юзаф зноў паспрабаваў паступіць да францішканаў у кляштар у Гратэллі. На гэты раз яны прынялі яго, бо як раз не мелі чалавека, які б працаваў у стайні. Працуючы апекуном коней, Юзаф пачаў мяняцца. Ён зрабіўся больш сціплым, ветлівым і больш сур'ёзна пачаў выконваць свае абавязкі.
Кіраўнікі ордэну заўважылі гэтыя змены Юзафа, яго любоў і адданасць Касцёлу і Ордэну, а таксама яго шчырыя малітвы, суровыя пасты і старанную працу над сабой і дозволілі яму стаць братам і пачаць навучанне на ўніверсітэце. Аднак навука ніколі не давалася Юзафу лёгка, экзамены ён здаваў з вялікай цяжкасцю. Часта экзамінатары проста закрывалі вочы на яго слабую падрыхтоўку, але ўсёж-такі яму удалося скончыць універсітэт. Яго моцным бокам падчас вучобы была вельмі добрая знаёмасць Святога Пісання.
У 1627г., пасля складання законных шлюбаў атрымаў ніжэйшыя і вышэйшыя свячэнні, а 28 сакавіка 1628 г. стаў святаром. Заўзята распачаў душпастырскую дзейнасць, атрымаўшы ад Бога многа харызмаў. З яго дапамогай мноства духоўных і свецкіх асоб атрымалі многа розных Божых ласк.
Бог адарыў а. Юзафа незвычайнай чуллівасцю да ўсяго, што звязана з рэлігійным жыццём. Усё, што якім - небудзь чынам адносілася да Бога або святых рэчаў (гукі званоў, літургічная музыка, успамін імя Бога, Святой Маці або святых, успаміны здарэннаў з жыцця Езуса, рэлігійныя абразы або думкі пра хвалу неба) - усё гэта магло ўвесці а. Юзафа ў стан захаплення, і ані штурханні, ані ўколы, нават падпальванне не магло вывесці яго з гэтага стану. У такія моманты Юзаф падпарадкоўваўся толькі свайму кіраўніку. Такія сітуацыі здараліся часта, асабліва падчас адпраўлення святой Імшы альбо адмаўлення Брэвіарыя: а. Юзаф адрываўся ад зямлі і завісаў у паветры, часам таксама чуў гукі анельскай музыкі. Існуе 17 удакументаваных выпадкаў левітацыі (узнясенняў) гэтага незвычайнага францішканіна.
Канфедэрацыя Навукі і Веры вырашыла падрабязна даследаваць усе выпадкі левітацыі а. Юзафа . Канчаткова было сцверджана, што ён атрымаў незвычайны дар ад Бога. Папа Урбан VIII захацеў асабіста пазнаёміцца з незвычайным манахам і запрасіў яго да сябе. Перад сустрэчай з папай а. Юзаф не планаваў "рэлігійных палётаў", аднак убачыўшы намесніка св. Пятра вельмі ўзрадаваўся і паказаў гэту сваю радасць звычайным для сябе спосабам - у захапленні ўзнёсся над зямлёй. Урбан VIII таксама назваў левітацыю а. Юзафа незвычайным дарам Бога.
Айцец Пракоп у "Жыціях Святых", выдадзеных у 1899 г. так апісвае гэта здарэнне:" У момант калі Юзаф нахіліўся да ног папы каб пацалаваць іх, трапіў у стан захаплення і узнесены над зямлёй і заставаўся ў паветры, пакуль ягоны кіраўнік адным словам не прымусіў яго спусціцца на зямлю". Дакладна вядома, што гэта быў далёка не адзіны выпадак левітацыі св. Юзафа, усяго іх загатавана больш за некалькі соцен. Аднойчы, лётаючы а. Юзаф дапамог работнікам устанавіць цяжкі крыж, іншым разам падчас малітвы Юзаф узляцеў і падняўся так высока, што зачапіўся за галіну аліўнага дрэва, і яго трэба было адтуль здымаць. Апісваецца таксама выпадак левітацыі падчас адпраўлення Св. Імшы - а. Юзаф праляцеў над запаленымі свечкамі, ягоны хабіт запаліўся і трэба было яго тушыць J.
Каб паглядзець на "лётаючага манаха" цікаўныя людзі прыяжджалі не толькі з усёй Італіі, але і з іншых краін. Гэта прывяло да паслаблення дысцыпліны і парадку ў Касцёле і кляштары, таму а. Юзафу забаранілі публічна адпраўляць Св. Імшу, браць удзел у супольных малітвах у капліцы і абедаць разам з другімі манахамі. Пазней а. Юзаф быў вымушаны пераехаць з Гратэллі (Grotelli) ў Асыж(Assisi), дзе правёў 14 гадоў, пазней укрываўся ў кляштарах капуцынаў. Гэта бадзянне па розных мясцінах была для а. Юзафа цяжкім выпрабаваннем. Праз некаторы час яму дазволілі вярнуцца ў францішканскі кляштар у Асіма (Osimo).
А. Юзаф непераставаючы дбаў пра набажэнства да Езуса Церпячага і ўкрытага ў Эўхарыстыі, да Найсвяцейшай Маці, складаў прыгожыя гімны і малітвы на іх праслаўленне.
Бог выпрабоўваў а. Юзафа шматлікімі хваробамі. Апошняя з іх забрала яго з гэтага свету. А. Юзаф памёр 10 жніўня 1663г., маючы 60 годоў. Праз усё жыццё гэты незвычайны манах прайшоў з захапленнем і шчырай адданасцю Богу. Ягоная магіла вядома на ўсім свеце як месца незлічоных цудаў.
24 лютага 1753 г. А. Юзаф быў бэатыфікаваны папам Бенедыктам ХІ, а 16 ліпеня 1767 г. урачыста кананізаваны Клеменсам ХІІІ. Цела св.Юзафа з Купертыну спачывае ў базіліцы ў Асіма (Osimo), пабудаванай на яго хвалу.
