Св. Бонавэнтура
Св. Бонавэнтура - адна з найвялікшых постацяў ХІІІ ст., класічны прадстаўнік схаластыкі.
Джавані Фіданза, нарадзіўся каля 1218 г. у Банёрэджыо (Bagnoregio) недалёка Вітэрба (Viterbo) ў Італіі. Ягоны бацька, Ян Фіданза, быў урачом. Маленькі Джавані вельмі часта хварэў, таму ягоная маці, Марыя, вырашыла, што калі яе хлопчык застанецца ў жывых і выздаравее, яна аддасць яго на службу Богу. Паводле легенды дзіцятка было цудоўным чынам вылечана дзякуючы малітвам св. Францішка. Лічыцца, што калі св. Францішак узяў на рукі хлопчыка, сказаў натхнёна: "O, buona ventura!" (О, што за цудоўная будучыня!).
Ад ранняга дзяцінства Джавані часта бываў у кляштары францішканаў у сваім родным горадзе і атрымоўваў там свае першыя веды. Пазней, у 1242 г. здольнага юнака паслалі вучыцца ў універсітэт у Парыж, дзе ва ўзросце 25 гадоў ён уступіў у Ордэн Францішканаў і адбыў навіцыят. У кляштары Джавані атрымаў імя Бонавэнтура - ад слоў, якімі калісьці яго прывітаў св. Францішак. Пасля навіцыяту пад апекай выдатных францішканскіх тэолагаў на ўніверсітэце ў Парыжы Бонавэнтура вывучаў тэалогію і філасофію (1243 - 1248). Пасля атрымання тытулу магістра, наступныя тры гады малады тэолаг таксама прысвяціў навуцы на ўніверсітэце, адначасова выкладаў Святое Пісанне і Сентенцыі Пятра Ламбарда. У той самы час удзельнічаў у моўным і пісьмовым "паядынку" у абарону жаброўных ордэнаў (францішканаў і дамініканаў) з Вільгельмам Сент-Амурскім і Тамашам Йорскім. У гэты час таксама была напісана яго найбольш звядомая праца ў вобласці тэалогіі на тэму Святой Троіцы. Банавентура займаўся таксама філасофскай праблемай людскога пазнання, у гэтай вобласці ён адышоў ад поглядаў Арыстоцеля і св. Фамы Аквінскага, а прыблізіўся да поглядаў Платона і св. Аўгустына. Адначасова выдаў том працы, у яком у сукупнасці былі прадстаўлены яго філасофскія і тэалагічныя погляды.
Наступныя гады Бонавэнтура правёў у розных кляштарах, працавў там выкладчыкам. У 1257 г. атрымаў тытул прафесара Парыскага Ўніверсітэта. У свае 39 гадоў ён мусеў мець незвычайную святасць, мудрасць і добрыя арганізатарскія здольнасці, таму што 2 лютага 1257г. прафесара Бонавентуру выбралі на пасаду генерала ордэну. Для маладога Ордэна гэты выбар аказаўся вельмі ўдалым. У той складаны перыяд у Ордэне ўтварыліся дзве супрацьлеглыя фракцыі (адны былі рэўнаснымі староннікамі захавання першапачатковых Правілаў (Рэгулы) св. Айца Францішка, а другія выступалі за больш лагодныя, што ў сваю чаргу пагражала паслабленнем дысцыпліны сярод манахаў). Аднак новы кіраўнік здолеў выбраць "залатую сярэдзіну" і дзякуючы сваім мудрым рашэнням захаваў Ордэн ад разлому. Негледзячы на існаванне знешніх ворагаў Ордэна, якія былі незадаволены шматлікімі прывілеямі, атрыманымі францішканамі ад папы, Банавентура ўмеў абараніць інтарэсы сваіх братоў. У 1260 г. Банавентура склаў Першыя Канстытуцыі і паклаў канец рознабаковай інтэрпрэтацыі навукі св. Францішка. Кіраваў Ордэнам з Парыскага канвенту, паралельна адбываў шэраг візітацый у Італіі, Бельгіі, Галандыі, Англіі, Германіі і Іспаніі. Дзякуючы святасці, мудрасці і вялікаму аўтарытэту Банавентуры Ордэн францішканаў дасягнуў небывалага росквіту, таму вельмі часта яго называюць Другім Заснавальнікам Ордэна.
Гэты унікальны чалавек умеў спалучаць публічную дзейнасць з багатым духоўным жыццём. Меў набажэнства да Мук Пана і складаў прыгожыя паэмы на яе хвалу. У 1273 г. папа Георгій Х назначыў яго кардыналам і біскупам Альбана пад Рымам. Папская дэлегацыя, якую выслалі каб паведаміць гэту добрую навіну, знайшла Банавентуру калі ён - мыў посуд у кляштары. Пасля назначэння яго кардыналым і біскупам Банавентура быў змушаны пакінуць пасад генерала ордэна і заняцца толькі публічнай дзейнасцю. Суправаджаў папу рымскага ў яго падарожжы ў Мугела (Mugello) каля Фларэнцыі, а ў лістападзе 1273 г. адправіўся ў Ліён(Lyon) на агульны Сабор. Атрымаў ганаровае права ўрачыста распачаць абрады Сабору сваёй прадмовай. Вельмі радаваўся, калі грэчаскі і каталіцкі касцёл заключыў унію. Большая частка пргатаванняў да Сабору лягла на плечы Банавентуры. 15 ліпеня 1274г., не вытрымаўшы цяжару абавязкаў, ён памёр. На пахаванне прыехаў папа і ўсе айцы, якія прымалі ўдзел у Саборы (500 біскупаў, 1000 пралатаў і тэолагаў). Цела пахавалі спачатку ў закрыстыі касцёла св. Францішка, а ў 1450г. у новапабудаванай святыні. Тады было ўстаноўлена, што язык св.Бонавентуры абсалютна не знішчыўся, а быў нават чырвоны. Гэта было знакам незвычайнага дару вымовы святога. Гісторыкі запісалі, што ў той дзень многа хворых і калекіх людзей выздаравела.
Св. Бонавэнтура быў адным з найвыдатнейшых тэолагаў эпохі Сярэднявечча, асабліва ў вобласці аскетычнай і містычнай тэалогіі, пазней паважаны нават у Ордэне езуітаў. Аставіў пасля сябе многа трактатаў і тэалагічных прац, у тым ліку канстытуцыі і тэалагічныя каментарыі, 440 пропаведзяў і інш. Да найбольш вядомых прац можна аднесці Lignum vitae, Itinerarium mentis in Deum, Illuminations Ecclesiae. Св. Банавентура стварыў сваю тэалагічную школу. Яго жыццё і творчасць упісваюцца у многавекавую традыцыю малітвы Езуса, называную "малітвай сэрца".
Дзякуючы свёй духоўнасці і замілаванню да містычнага жыцця св. Банавентуру таксама шануюць і паважаюць вернікі праваслаўнай царквы.
Кананізацыйную буллу св. Бонавэнтуры абвесціў Сыкстус IV , а ў 1588 г. папа Сыкстус V абвясціў яго доктарам касцёла.
Св. Бонавэнтура так закончыў сваю найбольш вядомую працу Itinerarium mentis in Deum (Вандроўка душы да Бога): "Калі пытаеш, як гэта адбываеца (з'яднанне з Богам праз любоў) запытайся ў ласкі, а не ў навукі; у ахвоты, а не разумення; у малітвы, а не задумы і чытання; у любага, а не настаўніка; у Бога, а не ў чалавека, у цемры, а не святла; не пытайся ў святла, а запытай агонь, які ўсё распальвае і пераносіць у Бога з дапамогай імпэту скрушанага сэрца і распаленага да межаў любоўнага пачуцця "
